КАТАЛІ́ЦКАЯ ЛІ́ГА 1576,
палітычны рух франц. католікаў у час рэлігійных войнаў у 1576—95 Створана ў Пікардыі і ўзначальвалася Гізамі. Пад прыкрыццём заклікаў да абароны дзяржавы і рэлігіі імкнулася да аўтаноміі правінцыяльных улад і пачала барацьбу з гугенотамі. Пры ваен. падтрымцы Іспаніі спрабавала сарваць пагадненне караля Генрыха III з гугенотам Генрыхам Наварскім (пазней кароль Генрых IV) аб прызначэнні апошняга наследнікам трона і прапанавала свайго кандыдата Генрыха Гіза. У 1588 прыхільнікі К. л. захапілі Парыж і прымусілі Генрыха III пакінуць горад. Пасля забойства апошняга (1589) каралём стаў Генрых IV, які ў 1593 перайшоў у каталіцтва. Пасля заключэння ім міру з лідэрамі апазіцыі (1595) К. л. спыніла сваё існаванне.
Н.К.Мазоўка.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)